ЗО́ННАЯ ПЛА́ЎКА, зонная перакрышталізацыя,

апрацоўка матэрыялу (у выглядзе стрыжня, выцягнутага злітка) расплаўленнем вузкай зоны і перамяшчэннем яе ўздоўж стрыжня. Выкарыстоўваецца для атрымання (рафінавання) чыстых матэрыялаў (т.зв. зонная ачыстка), легіравання і раўнамернага размеркавання дамешкаў па злітку (зоннае выраўноўванне), для вырошчвання монакрышталёў і інш. З.п. можна апрацоўваць амаль усе металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі.

Адрозніваюць кантэйнерную і бястыгельную З.п. Пры кантэйнернай матэрыял змяшчаюць у спец. кантэйнер, які павольна перамяшчаецца адносна награвальнікаў. Пры гэтым на мяжы раздзелу цвёрдай і вадкай фаз адбываецца крышталізацыя матэрыялу. Пры бястыгельнай З.п. стрыжань (злітак) устанаўліваюць вертыкальна, а награвальнік размяшчаюць вакол яго. Спосабы нагрэву: індукцыйны токамі ВЧ, электронна-прамянёвы, радыяцыйны. Упершыню З.п. выкарыстана ў 1927 для ачысткі жалеза, пашырылася з 1952.

Схемы зоннай плаўкі: а — кантэйнернай (1 — труба, 2 — кантэйнер, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі); б — бястыгельнай (1 — труба, 2 — стрыжань, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі).

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)